УНІВЕРСІТЭЦКІЯ
“КАЛАСАВІНЫ”
3 лістапада 2022 года ў Рэспубліцы Беларусь і за яе
межамі шырока адзначалася 140-годдзе з дня нараджэння Якуба Коласа, народнага
паэта, празаіка, публіцыста, навуковага і грамадскага дзеяча – класіка
беларускай літаратуры. Яго творы, прысвечаныя роднаму краю, беларускаму народу
і яго гераічнаму мінуламу, перакладзены на больш чым за 40 замежных моў.
На працягу лістапада студэнты груп Б-11, Г-11, Ю-11, Z-12, Z-13, S-11, G-21 УА “Беларускі
гандлёва-эканамічны ўніверсітэт спажывецкай кааперацыі” ўдзельнічалі ва
ўніверсітэцкіх “Каласавінах”, прысвечаных гэтай юбілейнай даце, якія
арганізавала загадчык кафедры замежных моў, канд. філал. навук, дацэнт
Федарцова Кацярына Рыгораўна. Студэнты кожнай групы, разбіўшыся на 5 каманд, за
40 хвілін павінны былі падрыхтаваць матэрыял: 1) па біяграфіі Я. Коласа, 2) пра
яго паэзію, 3) пра прозу Я. Коласа, 4) вывучыць вершы песняра, 5) намаляваць
партрэт класіка.
Студэнты з захапленнем падтрымалі такую ідэю святкавання
юбілея Якуба Коласа і старанна падбіралі матэрыял, каб потым расказаць
аднагрупнікам на фоне такіх розных партрэтаў нашага песняра. Лепшыя каманды
былі вызначаны, але ведаць, памятаць і ганарыцца літаратурай, культурай,
гісторыяй свайго народа павінен кожны, хто лічыць сябе патрыётам і неабыякавы
да сваёй Радзімы.