ru-RUen-US

Дзейнасць навуковай школы “Інтэграванне метадалогій рахунказнаўства і балансазнаўства з фінансавым менеджментам, бюджэтаваннем і кантролінгам на мікра- і макраўзроўнях”

Навуковая школа “Інтэграванне метадалогій рахунказнаўства і балансазнаўства з фінансавым менеджментам, бюджэтаваннем і кантролінгам на мікра- і макраўзроўнях” у Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце пачала стварацца пасля выдзялення кафедры бухгалтарскага ўліку і фінансавага менеджменту ў галінах народнай гаспадаркі, якое адбылося ў 2004 годзе. Неабходнасць распрацоўкі метадычных падыходаў да кіравання суб’ектамі гаспадарання ва ўмовах рыначнай нявызначанасці абумовіла пераасэнсаванне ролі і месца фінансавага і кіраўніцкага ўліку ў сістэме інфармацыйнага забеспячэння прыняцця эканамічных рашэнняў. Такое пераасэнсаванне абумовіла змяненне прыярытэтаў як у галіне падрыхтоўкі спецыялістаў, так і ў навуковых даследаваннях. Вядучым напрамкам сталі працэдурна-метадалагічныя і фінансава-кіраўніцкія канцэптуальныя падыходы да навуковых даследаванняў і падрыхтоўкі спецыялістаў.

Фундаментальная база для стварэння навуковай школы “Інтэграванне метадалогій рахунказнаўства і балансазнаўства з фінансавым менеджментам, бюджэтаваннем і кантролінгам на мікра- і макраўзроўнях” у Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэце была створана пасля абароны ў 2002 г. Шаўлюковым А. П. дысертацыі на суісканне вучонай ступені доктара эканамічных навук “Бухгалтарскі ўлік у макраэканамічнай сістэме кіравання: развіццё тэорыі, метадалогіі, методык. Аснову навуковай школы ў прыкладным аспекце  стварылі дысертацыйныя даследаванні кандыдатаў эканамічных навук Матвейчык С. М., Язерскай Т. А., Кур’ян А. У., Якубенка Г. А., Якубавай І. П. і Шутавай А. М., дзе даследаваны праблемы стаўлення і развіцця фінансавага і кіраўніцкага ўліку ў арганізацыях харчовай прамысловасці і транспарту. Галіновым накірункам дысертацыйных даследаванняў указаных вучоных сталі хлебапячэнне, плодаагароднінная кансервавая вытворчасць, мясаперапрацоўчая вытворчасць і аўтамабільны транспарт.


У цяперашні час названая навуковая школа функцыянуе на базе кафедры бухгалтарскага ўліку і фінансавага менеджменту ў галінах народнай гаспадаркі улікова-фінансавага факультэта ўніверсітэта. Мае месца плённае супрацоўніцтва з профільнымі кафедрамі іншых універсітэтаў як Рэспублікі Беларусь, так і за яе межамі. Арганізацыйная аснова школы і яе сувязь з навукоўцамі іншых універсітэтаў прыведзена на малюнку 1.

Персанальны склад навуковай школы, прадстаўлены на малюнку 2, ўключае 7 вучоных. Усе прадстаўнікі навуковай школы маюць вучоныя ступені і званні.



Малюнак 1 — Арганізацыйная аснова і сувязі навуковай школы

“Інтэграванне метадалогій рахунказнаўства і балансазнаўства

з фінансавым менеджментам, бюджэтаваннем

ды кантролінгам на мікра- і макраўзроўнях”

Навуковыя інтарэсы прадстаўнікоў школы ахапляюць тэарэтычныя аспекты рахунказнаўства, міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці, прыкладныя методыкі рахункаводства і інфармацыйнае забеспячэнне прыняцця фінансавых рашэнняў. У сувязі з гэтым эксперыментальнай базай даследаванняў, якія праводзяць вучоныя школы, з’яўляюцца арганізацыя і методыкі фінансавага і кіраўніцкага ўліку, фінансавага менеджменту, бюджэтавання і кантролінгу на прадпрыемствах харчовай прамысловасці Рэспублікі Беларусь, а таксама метадычныя падыходы да трансфармацыі фінансавай справаздачнасці грамадска значымых беларускіх арганізацый у фармат міжнародных стандартаў і распрацоўкі сістэмы нацыянальных рахункаў.

Адметнай рысай навуковай школы “Інтэграванне метадалогій рахунказнаўства і балансазнаўства з фінансавым менеджментам, бюджэтаваннем ды кантролінгам на мікра- і макраўзроўнях” з'яўляецца пашырэнне межаў бухгалтарскага ўліку да макраўзроўню на аснове развіцця метадалагічных падыходаў кантынентальнай уліковай мадэлі. Кіраўніком навуковай школы з’яўляецца д. э. н., прафесар Шаўлюкоў А. П., настаўнікамі


Малюнак 2 — Персанальны склад навуковай школы
“Інтэграванне метадалогій рахунказнаўства і балансазнаўства з фінансавым менеджментам, бюджэтаваннем ды кантролінгам на мікра- і макраўзроўнях”

 

якога ў галіне навуковай дзейнасці былі д. э. н., прафесар Маскоўкага дзяржаўнага ўніверсітэта І. А. Ламыкін і д. э. н., прафесар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Л. Л. Ермаловіч. Настаўнікамі па педагагічнай дзейнасці сталі д. э. н., прафесар В. Д. Андрэяў і к. э. н., прафесар Н. Р. Уварава.

Дасягненнем навуковай школы з’яўляецца распрацоўка макраэканамічнай канцэпцыі ўліковай сістэмы Рэспублікі Беларусь і прапанаваная функцыянальная мадэль народнагаспадарчага ўліку, якая ўяўляе сабой макраэканамічную трохузроўневую сістэму нацыянальнага рахункаводства, мезаўліку і бухгалтарскага ўліку. У сукупнасці з метадамі статыстычнага збору і апрацоўкі інфармацыі аб гаспадарчых працэсах гэта сістэма стварае нацыянальную ўліковую сістэму дзяржавы.

Вынікам фундаментальных даследаванняў навуковай школы стала развіццё метадалагічных палажэнняў рахунказнаўства, якое атрымала рэалізацыю ў распрацаваных

а) макраэканамічнай канцэпцыі ўлікова-аналітычнай сістэмы дзяржавы, якая забяспечвае адзінства метадалогіі ўліку і аналізу эканамічных паказчыкаў на мікра- і макраўзроўнях у частцы суб’ектаў гаспадарання, ахопленых дыграфічнай методыкай вядзення фінансавага ўліку;

б) канцэптуальнай метадалагічнай аснове канвергенцыі нацыянальнай сістэмы рахункаводства з фундаментальнымі палажэннямі міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці.

Асноўныя напрамкі прыкладнога дасканалення рахункаводства і балансавага абагульнення ў рэчышчы макраэканамічнай канцэпцыі ўлікова-аналітычнай сістэмы заключаюцца ў распрацоўцы метадалагічнага забеспячэння нацыянальнай улікова-аналітычнай сістэмы, якім сталі:

а) прынцыпова новы для ўліковай практыкі Рэспублікі Беларусь план рахункаў бухгалтарскага ўліку, заснаваны на дзесятковай іерархічнай сістэме кадзіравання, класіфікацыях і паказчыках сістэмы нацыянальных рахункаў;

б) сістэма матрычных балансаў, якая дазваляе атрымаць даступную для матэматычнай фармалізацыі балансавую мадэль эканомікі дзяржавы;

в) методыкі канверсіі рахункаводства і трансфармацыі фінансавай справаздачнасці, якая распрацоўваецца ў функцыянальнай валюце і валюце падачы ва ўмовах выкарыстання рабочага плану рахункаў, распрацаванага на аснове метадычных палажэнняў міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці.

На працягу апошніх 10-ці гадоў навуковая школа плённа супрацоўнічала з Беларускім рэспубліканскім фондам фундаментальных даследаванняў. Вынікі гэтага супрацоўніцтва раскрывае малюнак 3.

Навуковая школа значную ўвагу ўдзяляе распрацоўцы навукова-метадычных падыходаў да падрыхтоўкі эканамістаў уліковага профілю. Вучонымі школы “Інтэграванне метадалогій рахунказнаўства і балансазнаўства з фінансавым менеджментам, бюджэтаваннем ды кантролінгам на мікра- і макраўзроўнях” выканана навуковая работа “Працэдурна-метадалагічная і фінансава-кантролінгавыя складовыя прафесійнай падрыхтоўкі эканамістаў па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт” ва ўмовах двухступенчатай структуры вышэйшай адукацы”. Вынікам выканання ўказанай навуковай тэмы стала распрацоўка ўлікова-кантролінгавай канцэпцыі падрыхтоўкі эканамістаў па спецыяльнасці “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт”.

Галоўнай мэтай дзейнасці навуковай школы ў галіне прыкладных даследаванняў з’яўляецца распрацоўка методык кіраўніцкага і фінансавага ўліку ў вытворчых арганізацыях спажывецкай кааперацыі і выяўленне іх сувязі з фінансавым менеджментам і бюджэтаваннем. Прыкладныя распрацоўкі навуковай школы накіраваны на выкананне заказаў праўлення Беларускага саюза спажывецкіх таварыстваў. Выкананыя прыкладныя навуковыя распрацоўкі за мінулыя 5 гадоў прыведзены на малюнку 4.

Вынікі навуковых даследаванняў атрымліваюць рэалізацыю ў дысертацыях на саісканне вучонай ступені кандыдата эканамічных навук, што раскрывае малюнак 5.


Малюнак 3 — Фундаментальныя даследаванні навуковай школы
“Інтэграванне метадалогій рахунказнаўства і балансазнаўства з фінансавым менеджментам, бюджэтаваннем ды кантролінгам на мікра- і макраўзроўнях” 
за 2010-2018 гады


Малюнак 4 —Прыкладныя распрацоўкі 
навуковай школы Інтэграванне метадалогій рахунказнаўства 
і балансазнаўства з фінансавым менеджментам, бюджэтаваннем 
ды кантролінгам на мікра- і макраўзроўнях” 
за 2010-2014 гады

Асноўныя публікацыі навуковай школы характарызуюць кнігі, прыведзеныя на малюнку 6. Вялікае значэнне надаецца даследаванню гісторычных аспектаў развіцця бухгалтарскага ўліку, звяртаючы асабліваю ўвагу на вынікі навуковай дзейнасці выдатных навукоўцаў-бухгалтараў, якія былі памылкова выключаны з тэорыі бухгалтарскага ўліку ў 30-тыя гады мінулага стагоддзя як буржуазныя. Выкарыстанне індукцыйна-гістарычны падыходу ў навуковых даследаваннях дае магчымасць распрацаваць


Малюнак 5 — Падрыхтоўка вучоных
у навуковай школе “Інтэграванне метадалогій рахунказнаўства
і балансазнаўства з фінансавым менеджментам, бюджэтаваннем
ды кантролінгам на мікра- і макраўзроўнях”

эфектыўныя методыкі, заснаваныя на развіцці рускай уліковай школы ва ўзаемасувязі з сучаснымі метадычнымі канцэпцыямі Рады міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці.

Ва ўмовах глабалізацыі эканомікі значная ўвага ўдзяляецца навукова-метадычнаму суправаджэнню выкладання ўліковых дысцыплін на аснове кансалідаванага выкарыстання беларускай і англійскай моў. Накоплены вопыт выкладзены ў артыкуле кіраўніка школы, прафесара Шаўлюкова А. П. “Сінтэз выкладання ўліковых дысцыплін на беларускай і англійскай мовах — аснова інтэрнацыяналізацыі вучэбнага працэсу” (Потребительская кооперация, 2018 — № 4. — С. 27-32). Праведзена сістэматызацыя лексікі, вынікам якой стаў двухтомны слоўнік “Англа-беларуска-руская лексіка: асновы рахунказнаўства, рахункаводства ў вытворчых галінах, міжнародныя стандарты фінансавай справаздачнасці”.

Сваё далейшае развіццё навуковая школа звязвае з даследаваннямі сучасных метадалогій фінансавага ўліку і кантролінгу, якія атрымаюць навукова-метадычную рэалізацыю пры падрыхтоўцы магістраў. Гэта тычыцца даследаванняў генезіса, сучасных тэорый і канцэпцый рахунказнаўства, прыкладных праблем рахункаводства . Асноўная ўвага засяроджваецца на методыках трансфармацыі фінансавай справаздачнасці айчынных арганізацый у фармат міжнародных стандартаў і пошуку адэкватных айчынным рэаліям методык кіраўніцкага ўліку. Пры ажыццяўленні распрацовак для сістэмы спажывецкай кааперацыі навуковая школа мяркуе засяродзіць увагу на распрацоўцы методык уліку ў канкрэтных галінах вытворчай дзейнасці.


Малюнак 6 — Уклад навуковай школы
“Інтэграванне метадалогій рахунказнаўства і балансазнаўства
з фінансавым менеджментам, бюджэтаваннем ды кантролінгам
на мікра- і макраўзроўнях” у развіццё тэорыі рахунказнаўства
і практыкі рахункаводства